ЛУЧО́СКАЯ НІЗІ́НА, Лучосы нізіна,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПдУ Віцебскай вобл. На Пд мяжуе з Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўнінай і Аршанскім узвышшам, на 3 — з Чашніцкай раўнінай, на Пн — з Віцебскім узвышшам, на У заходзіць у межы Расіі. 3 Пн на Пд працягнулася на 50 км, з 3 на У — 50—60 км. Пл. 2,3 км2. Выш. 155—175 м.
Л.н. прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Асадкавы чахол складзены з парод сярэднерыфейска-ніжнявендскага комплексу, сярэдняга і верхняга дэвону. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 60 м) характэрны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення на месцы Л.н. існаваў прыледавіковы вадаём. Пры адступленні ледавіка на Пн узнікла мелкаводнае Лучоскае воз., на месцы якога пасля спуску вод р. Лучосай утварылася азёрна-ледавіковая нізіна з рэшткавымі азёрамі.
Паверхня нізіны спадзіста-хвалістая, месцамі плоская, парэзаная далінамі рэк, лагчынамі сцёку і катлавінамі. Ваганні адносных выш. да 3 м. Аднастайнасць рэльефу парушаецца дзюнамі, радзей озамі. На Пн і У захаваліся астанцы марэннай раўніны і размытыя марэнныя ўзгоркі з адноснымі выш. 5—15 м. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, торф. Асн. р. Лучоса з прытокамі Абалянка, Чарніца, Сухадроўка; на Пд працякае р. Аршыца (прыток Дняпра). Лучоса выкарыстоўвалася на водным шляху (шлях «з варагаў у грэкі») ад Зах. Дзвіны да Дняпра. Азёры: Вял. Арэхаўскае, Серакаротня, Дзевінскае, Казённае, Зелянское, Скрыдлева, Кічына і інш. Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба і сярэдне ападзоленыя, дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. На Пн і ПдУ пераважаюць буйныя масівы драбналістых лясоў (бародаўчатабярозавыя, шэраальховыя, асінавыя), уздоўж рэк Лучоса і Чарніца — хваёвыя; невял. масівамі трапляюцца яловыя лясы. Балоты вярховага і нізіннага тыпаў.
Н.К.Кліцунова.
т. 9, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)